СВІНЦУ́ СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове свінцу. Характарызуюцца нізкай (48—320 °C) т-рай плаўлення, невысокімі мех. трываласцю і цвёрдасцю, добрымі антыфрыкцыйнымі і тэхнал. ўласцівасцямі, высокай пластычнасцю, каразійнай устойлівасцю ў разбаўленых растворах кіслот. Асн. легіруючыя элементы С.с. — волава, сурма, медзь, вісмут, ртуць (гл. Легіраванне).

Паводле прызначэння С.с. падзяляюць на антыфрыкцыйныя (гл. Бабіт), друкарскія, прыпоі і легкаплаўкія. Друкарскія С.с. маюць да 20—23% сурмы, 1—4,5% мыш’яку, 5—7% волава, 1% медзі. Вызначаюцца цвёрдасцю, высокай вадкацякучасцю і невял. усадкай пры крышталізацыі. Захоўваюць пастаянны састаў пасля шматразовай пераплаўкі. Выкарыстоўваюць для адліўкі шрыфтоў ручнога і машыннага набору. Прыпоі на аснове С.с. маюць ад 1,3 да 51% легіруючых элементаў. Плавяцца пры 90—310 °C. Выкарыстоўваюць для нізкатэмпературнай пайкі жалеза, сталей, нікелю, медзі і яе сплаваў. Легкаплаўкія С.с. (tпл 48—96 °C) выкарыстоўваюць у электратэхніцы, сістэмах пажарнай сігналізацыі (плаўкія засцерагальнікі) і мед. тэхніцы. Пара С.с. атрутная.

т. 14, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)